Успаміны пра лета

19.09.2024

Цікава прайшла класная гадзіна “Маё цудоўнае лета” ў другім класе Асінаўшчызненскай пачатковай школы.

Тры месяцы канікул – вялікі адрэзак часу для кожнага дзіцяці. Навучэнцы нашага класа запоўнілі яго прыемнымі і яркімі момантамі. Добрымі ўражаннямі дзеці падзяліліся са сваімі аднакласнікамі і настаўнікам. Усе з задавальненнем разглядалі калажы, фотаальбомы, глядзелі прэзентацыі і відэаролікі, слухалі аповед кожнага вучня.

Большасць хлопчыкаў і дзяўчынак пабывалі ў школьным лагеры “Усмешка”, а некаторыя – у раённых аздараўленчых лагерах “Малышок” і “Арлёнак”. Там яны вучыліся жыць самастойна без бацькоў, прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах.

Акрамя гэтага вельмі шмат часу дзеці праводзілі са сваімі сем’ямі. Некаторыя адпачывалі на Браслаўскіх азёрах (Плюсы, Снуды), возеры Свір, вадаёме Белае, рэчцы Вілія.  Купаліся, загаралі, каталіся на лодцы, лавілі рыбу, варылі юшку, гатавалі шашлык – весела праводзілі час.

Адпачываючы, дзеці пашырылі веды пра Радзіму і сваіх продкаў. Яны пабывалі на мітынгу, прысвечанаму Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, на адкрыцці мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў г. Смаргоні.

Многія адпачывалі ў парку г. Смаргоні, у парку Чалюскінцаў у г. Мінску, у г. Браславе, ездзілі ў цэнтр экалагічнага турызму “Станькава”, Альпака Парк г.п. Радашковічы, парк-музей гісторыі Сула, музейны комплекс “Дукорскі маёнтак”, у г. Ашмяны на мотагонкі.  Магчыма, у гэты час у сэрцах дзяцей прараслі зярняткі любові да роднага краю і людзей, якія жывуць побач.

Навучэнцы не забывалі наведаць і гульнявую пляцоўку “Летняя карусель” у школе, дапамагчы бацькам па гаспадарцы, пачытаць кнігу і парашаць задачкі.

Вось так цудоўна прайшло наша лета.

      

поделиться в: