Ад душы мы вас вітаем, сэрцу дарагіх гасцей.
Хлебам-соллю сустракаем-нас наведвайце часцей.
Дзверы школа адкрывае, тут ўтульнасць і спакой,
Усіх сардэчна запрашаем у музейную нашу экспазіцыю.
Менавіта такімі цёплымі словамі сустракае дзяржаўная ўстанова адукацыі "Асінаўшчызненская пачатковая школа" ўсіх наведвальнікаў музейнай экспазіцыі "Хлеб у доме гаспадар". У яе стварэнні прынялі ўдзел педагогі ўстановы, бацькі, дзеці. Вызначылі, якія экспанаты могуць быць у нашай экспазіцыі. Прыйшлі да высновы, што ўвесь матэрыял павінен дапамагаць вырашаць не толькі пазнавальныя задачы, але і фарміраваць у дзяцей грамадзянскую пазіцыю, выхаванне беражлівых адносін да хлеба, павагі да працы хлебароба, фарміраванне перадумоў праектна-даследчай дзейнасці.
Праца над стварэннем музейнай экспазіцыі пачалася ў красавіку 2014 года, у студзені 2015 года наша музейная экспазіцыя прыняла першых наведвальнікаў. У дадзены момант экспазіцыя складаецца з шасці асноўных раздзелаў.
Дзякуючы раздзелу "Багацце роднай зямлі" выхаванцы знаёмяцца з асноўнымі збожжавымі культурамі, якія вырошчваюць ў нашай краіне для вытворчасці хлебабулачных вырабаў. Вядома, што ніхто не ўяўляе сваё паўсядзённае жыццё без кавалка духмянага хлеба, але не кожны, нават дарослы, можа адрозніць шалупіны розных збожжавых культур, не кажучы пра тое, што мала хто бачыў жытнюю, аўсяную ці ячневую муку, з якой выпякаецца хлеб. А вось нашы наведвальнікі могуць на свае вочы ўбачыць збожжа, зялёныя і спелыя каласы, муку гэтых збожжавых культур. Музейная экспазіцыя ўпрыгожана снапамі розных культур.
У правядзенні музейных заняткаў па знаёмству з прафесіямі пекара дапамагае раздзел "Смаргонскі хлебазавод". Дзеці знаёмяцца з інфармацыяй аб заводзе, гісторыяй яго будовы, працэсе вытворчасці хлеба-булачных вырабаў, геаграфіяй рэалізацыі Смаргонскай прадукцыі. Адбываецца знаёмства з прадукцыяй, якая стала пераможцай у розных конкурсах і намінацыях на рэспубліканскім узроўні. І ў кожнага "разгуляецца" апетыт і палепшыцца настрой, калі ён кіне свой позірк на муляжы румяных булак, якія выстаўлены на агляд нашым наведвальнікам. Убачыўшы такую прыгажосць, хочаш ні хочаш, а падумаеш аб тым, якая цікавая і творчая праца ў пекара і кандытара.
Дзеці знаёмяцца з раздзелам "Смаргонскія абаранкі", якія вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Увазе нашых наведвальнікаў прадстаўлены гістарычныя звесткі, фотаздымкі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, інфармацыя аб тым, якім чынам была наладжана вытворчасць баранкоў у горадзе Смаргоні ў пачатку ХХ стагоддзя.
Раздзел музейнай экспазіцыі "Рукі, якія пахнуць хлебам" цікавы для нашых выхаванцаў і навучэнцаў тым, што знаёміць са знакамітымі хлебаробамі саўгаса Смаргонскі. Большая частка бацькоў школьнікаў і дашкольнікаў установы адукацыі працуе ў саўгасе і прымае непасрэдны ўдзел у вырошчванні хлеба. Дзецям прыемна пачуць добрыя словы пра сваіх татаў або мам і ўбачыць знаёмы позірк з Дошкі гонару. Гэта вельмі добры стымул у далейшым выбары будучай прафесіі.
Раздзел "Жніўныя абрады" паказвае, што не зніклі зусім і традыцыйныя народныя святы "Зажынкі" і "Дажынкі", і распавядае аб іх правядзенні.
Яшчэ адзін раздзел "З мінулага - у сучаснасць" знаёміць з тым, як нашы продкі вырошчвалі хлеб, з прыладамі сельскагаспадарчай працы сялян, якія можна не толькі ўбачыць на малюнках, але і патрымаць у сваіх руках, каб адчуць, як нялёгка раней было здабываць хлеб, і чаму ён так шанаваўся. Дзеці знаёмяцца з прыладамі працы мінулага і з сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай, якая працуе на палях нашай краіны.
У дапамогу педагогам прадстаўлены літаратурныя творы беларускіх і замежных аўтараў аб хлебе, прыказках і прымаўках, рэпрадукцыі мастацкіх твораў, канспекты выхаваўчых мерапрыемстваў, музейных урокаў, экскурсій, а гаспадыні знойдуць для сябе рэцэпты смачных пірагоў і булак.
Любоў да сваёй краіны пачынаецца з любові да роднага краю, з ведання яго гісторыі, павагі да землякоў.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Асінаўшчызненская пачатковая школа" знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Але, на жаль, даводзіцца назіраць нават у сельскіх дзяцей адсутнасць разумення ролі хлеборобскіх прафесій. Дзеці не бачаць сябе ў будучыні тымі, хто кіруе камбайнам, хто працуе на элеватары. Выхаванне беражлівых адносін да хлеба, выхаванне павагі да прафесіі хлебароба становіцца ўсё больш актуальнымі. Музейная экспазіцыя выконвае вялікую ролю ў пазнавальным і духоўным развіцці навучэнцаў установы.
Хочацца спадзявацца, што вынікам працы музейнай экспазіцыі стане зацікаўленасць і задавальненне ўсіх наведвальнікаў, а іх добразычлівыя водгукі і цёплыя ўсмешкі стануць знакам таго, што мы працавалі над яго стварэннем нездарма. Пройдзе час, і сённяшнія навучэнцы заўсёды будуць памятаць пах роднай зямлі, захоўваць традыцыі, якія ўвабралі ў бацькоўскім доме. І словы, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, з старадаўніх легенд "клянуся сваім хлебам" будуць мець для іх вялікую каштоўнасць.