Сямейныя каштоўнасці і традыцыі
28.10.2024Чацвёртая субота месяца ў Асінаўшчызненскай пачатковай школе прысвечана сустрэчы з бацькамі навучэнцаў на розных сумесных з дзецьмі мерапрыемствах. Вось і 26 кастрычніка адбылася новая сустрэча на тэму "Каштоўнасці маёй сям'і".
Сабраўшыся за круглым сталом, дзеці і мамы пачалі разважаць пра сям'ю, вызначылі асноўныя "цаглінкі" шчаслівай сям'і. Прыйшлі да адзінага меркавання, што сям'я - гэта не толькі людзі, якія жывуць пад адным дахам. Іх аб'ядноўвае любоў і сяброўства, захапленне і павага, цяпло і ўтульнасць, радасць і разуменне, узаемадапамога і суперажыванне, а яшчэ сямейныя традыцыі, якія дапамагаюць стаць моцнай і дружнай сям'ёй. Затым пачалі запаўняць інтэлект карту і разбірацца, што ж з'яўляецца каштоўнасцямі і традыцыямі сям'і.
Спачатку па фотаздымках і сямейных альбомах успаміналі твары блізкіх і дарагіх сем'ям людзей, якія падарылі жыццё бацькам і, дзякуючы лёсу, бацькі змаглі сустрэць адзін аднаго. Нашы продкі падарылі жыццё нашым бабулям і дзядулям, прабабулям і прадзедам. Расказалі пра іх добрымі словамі і запалілі ў іх памяць маленькія свечкі!
Потым паслухалі дзяцей, якія расказалі самыя цікавыя ўспаміны пра тое, як жывуць іх сем'і, як яны праводзяць выхадныя і адпачынкі. Гэта і сход ўсёй сям'і для таго, каб разабрацца ў справах, намеціць далейшыя планы на канкрэтны тэрмін, абгаварыць бюджэт і выдаткі сямейства; казкі перад сном; пажаданні спакойнай ночы, добрай раніцы, пацалунак на ноч; на дзень нараджэння абавязкова купляць торт і ставіць свечкі; на дачы ў святы ладзіць шашлыкі; сумесныя паходы за пакупкамі па выхадных і г. д.
А з якім задавальненнем навучэнцы слухалі апавяданні мам і іх дзяцей аб сямейных традыцыйных святах, агульных гульнях і занятках у вольны час, аб сямейных хобі, каштоўных рэчах, якія перадаюцца па спадчыне і захоўваюцца ў сем'ях, агульных паходах, экскурсіях і паездках!
Так, напрыклад, Васюта Максім з мамай прынеслі займальныя настольныя гульні "Мемаполія" і "Татэм". Усім вельмі захацелася ў іх пагуляць. Яны падзяліліся цікавым захапленнем "Гіпсавыя фігуркі". Затым прапанавалі ўсім ідэю аб стварэнні школьнага і сямейнага партфоліо ад 1 класа да 11. Якая будзе выдатная памяць!
А яшчэ ў сям'і традыцыйна рэлігійныя святы святкуюць у бабуль і дзядуляў, дзе збіраюцца тры сястры са сваімі сем'ямі.
У сям'і Ані Плахатнюк традыцыя не пачынаць есці, пакуль усе не сядуць за стол. Таксама адзначаюцца дні нараджэння ўсіх членаў сям'і і абавязкова пакой упрыгожваецца паветранымі шарамі. Яшчэ Анастасія Міхайлаўна паказала сямейную рэліквію - слоічак ручной работы з бяросты, які нагадвае ёй пра Радзіму, пра маму. Сям'я прыехала з Казахстана, родныя засталіся далёка, і гэта рэч нагадвае ёй пра іх. Хоць традыцыйна кожны вечар яны дзякуючы сучасным тэхналогіям не толькі чуюць родных, але і бачаць.
Ціма Казлоў з мамай, татам і старэйшым братам ездзяць на рыбалку, здзяйсняюць паходы ў лес за грыбамі або ягадамі, гуляюць у футбол, святкуюць значныя падзеі ў сям'і. Усё гэта адлюстроўваюць на фотаздымках і ў канцы года робяць сямейны альбом. Іх у сям'і ўжо 5. Яшчэ ў родных стала традыцыяй на развітанне выглядаць у акно і махаць рукой! А як захапляе сумесны выраб і ўпрыгожванне страў да свята, напрыклад, размалёўванне яек на Вялікдзень. Суботняя ўборка з размеркаваннем абавязкаў прывучае да працы: хтосьці пыласосіць, хтосьці палівае кветкі, мые падлогу…
Гутарка атрымалася не толькі цікавай, але і пазнавальнай!
Скончылі нашу размову пра сям'ю і сямейныя традыцыі высновай: дом і сям'я для чалавека – гэта ў першую чаргу месца, дзе яго любяць, шануюць і абавязкова чакаюць. У блізкай для сэрца мясціне заўсёды можна знайсці падтрымку, разуменне, адчуць клопат блізкіх.