Роля фізічных практыкаванняў у жыцці дзіцяці

разгарнуць

   Рост і развіццё дзіцяці - складаны працэс. Развіццё шкілета ў гэтым узросце яшчэ не скончана, пад уплывам вялікай і нераўнамернай нагрузкі ён можа лёгка дэфармавацца. Таму бацькі павінны ўважліва сачыць за тым, каб дзіця правільна сядзела, правільна рухалася. Бо пры парушэнні выправы, асабліва ў перыяд росту, пагаршаецца дзейнасць шматлікіх органаў: дыхання, кровазвароту, стрававання, а таксама рухальнага апарата.

    Дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы ў дашкольнікаў добра прыстасавана да патрабаванняў арганізма, а фізічныя практыкаванні добра яе трэніруюць, дзякуючы чаму паляпшаецца рэгуляцыя сардэчнай дзейнасці, праца сэрца становіцца больш эканамічнай.

   У выніку развіцця дыхальнай мускулатуры аб'ём лёгкіх павялічваецца. Але насавыя і лёгачныя праходы ў дзяцей параўнальна вузкія, што прыводзіць да дрэннай вентыляцыі лёгкіх і некаторага застою паветра, а запатрабаванне арганізма ў кіслародзе вялікая. Вось чаму так неабходны гульні, практыкаванні на свежым паветры. Пры гэтым неабходна сачыць за правільнасцю ўдыху і выдыху пры выкананні рухаў.

    Розныя групы цягліц у дашкольнікаў развіты неаднолькава. Асабліва важна дасягнуць раўнамернага развіцця тых цягліц спіны, брушнога прэса і плячэй, якія будуць спрыяць выпрацоўцы правільнай выправы. У гэтым таксама істотную ролю адыграюць фізічныя практыкаванні.

    Адным з кампанентаў росту і развіцця з'яўляецца развіццё рухаў. У дашкольнікаў яшчэ няма выразнасці рухаў пры хадзе, для бегу характэрны не лёгкі і рытмічны, а дробны крок. Дзеці гэтага ўзросту ахвотна гуляюць з мячом, але злавіць мяч, далёка яго кінуць, патрапіць у цэль ім яшчэ цяжка, бо іх рухі недастаткова ўзгодненыя, слаба развіты вакамер.

     Бег, скачкі, кіданні - тыя рухальныя ўменні, якія дзіця павінна асвоіць да школы. Наколькі паспяхова дзіця гэта зробіць, залежыць ад яго спрыту, хуткасці, сілы і цягавітасці, гэта значыць ад развіцця асноўных рухальных якасцяў.

    Дзіця авалодвае неабходнымі рухальнымі навыкамі паступова, таму неабходна выконваць пэўную паслядоўнасць у засваенні рухаў, правільна спалучаць асноўныя віды рухаў і практыкаванняў.

     Вось некаторыя рэкамендацыі:

     спалучаць розныя віды хадзьбы з відамі бегу (дапамагае арыентавацца ў прасторы, рухацца ў зададзеным напрамку),

     практыкаванні на раўнавагу: засваенне хадзьбы і бегу на паменшанай і прыпаднятай ад зямлі пляцоўцы апоры;

      навучанне скачкам: ад простых практыкаванняў у падскокванні на месцы да больш складаных - саскокванні, скачкам у даўжыню з месца і з прасоўваннем наперад;

    гульні і практыкаванні з мячом: пракатванне мяча, кіданне яго аб зямлю, у цэль, на дальнасць;

  практыкаванні ў лажанні: ад нескладаных практыкаванняў у поўзанні, пералажанні да - залазання на гімнастычную сценку, лесвіцу.

згарнуць

Роля ранішняй гімнастыкі ў развіцці дзіцяці дашкольнага ўзросту

разгарнуць

Значэнне ранішняй гімнастыкі для дзяцей цяжка пераацаніць. Гімнастыка-гэта галоўны крок далучэнне дзіцяці да фізкультуры. У апошні час асноўныя захапленні дзяцей моцна змяніліся (камп’ютар, відэагульні). Такое паняцце, як гіпадынамія становіцца ўсё больш распаўсюджаным. Сядзячы лад жыцця, маларухомыя гульні, прыводзяць да недахопу руху, а гэта негатыўна адбіваецца на здароўі любога арганізма, тым больш дзіцячага. І калі дарослым лёгка растлумачыць усю карысць фізкультуры, то дзяцей трэба захапляць. Менавіта таму вельмі важна праводзіць правільную ранішнюю гімнастыку.

Практычна ўсе людзі пачыналі і пачынаюць свой дзень з ранішняй гімнастыкі. Гэта не значыць, што кожны з іх рабіў махі рукамі, скакаў, прысядаў і г .д.   Ранішняя гімнастыка павінна быць індывідуальная, толькі ў гэтым выпадку яна прынясе карысць. Як жа скласці свой комплекс гімнастыкі? Перш за ўсё, трэба ведаць, што ранішняя гімнастыка прызначана не для трэніроўкі, а для падрыхтоўкі арганізма да актыўнай дзённай дзейнасці.

Вельмі часта бацькі сутыкаюцца з тым, што дзіця адмаўляецца выконваць тыя ці іншыя заданні і практыкаванні. Не трэба з ім сварыцца. Магчыма, яму цяжка выконваць іх ці проста не цікава. І тут вам на дапамогу прыйдзе ваша фантазія. Замест простых махаў рукамі можна прапанаваць дзіцяці стаць птушачкай і паляцець у вырай, можна ператварыцца ў зайчыкаў і скакаць ад кусціка да кусціка, можна стаць касалапым Мішкай, які збірае грыбы, і тады прысяданні не здадуцца дзіцяці такімі сумнымі і руціннымі.

Вось некалькі парад па правядзенні ранішняй гімнастыкі з дзецьмі:

№ 1. Правільна выбірайце практыкаванні, і вядома ж колькасць паўтораў. Па меры сталення дзіцяці павялічвайце складанасць і колькасць практыкаванняў.

 № 2. Сачыце за станам вашага дзіцяці. Дыханне павінна быць роўным і рытмічным. Пульс не павінен перавышаць 150 удараў у хвіліну.

Памятайце, што ранішняя гімнастыка павінна падрыхтаваць арганізм дзіцяці, абудзіць яго, а не перагрузіць. Таму не варта даваць  празмерную нагрузку, бо гэта можа прывесці да таго, што дзіця проста страціць цікавасць да фізічных практыкаванняў.

№ 3. Амплітуду рухаў, іх хуткасць і інтэнсіўнасць неабходна павялічваць паступова.

Не варта рэзка пачынаць тое ці іншае практыкаванне. Спачатку трэба рабіць павольна, каб пазбегнуць траўмаў, затым ужо хутчэй і рытмічней. Пачынаць гімнастыку трэба з практыкаванняў для мышц плечавога пояса і заканчваць скачкамі і падскокамі. У канцы ранішняй гімнастыкі рэкамендуюцца практыкаванні на аднаўленне дыхання, такія як хадзьба ва ўмераным тэмпе, хадзьба на насочках як «мышкі» і з выкананнем дыхальных практыкаванняў.

 № 4. Практыкаванняў павінна быць не больш за 5 -8.

№ 5. Комплекс практыкаванняў перыядычна трэба мяняць.

Звычайна, комплекс ранішняй гімнастыкі мяняецца кожныя 2 тыдні, але калі дзіцяці вельмі спадабаліся нейкія пэўныя практыкаванні, то можна іх пакінуць. Бо галоўная мэта-гэта прывіць цікавасць да здаровага ладу жыцця. Напрыклад, у практыкаванні з прысяданнямі можна першыя 2 тыдні пагуляць у ліліпутаў і волатаў, а потым ператварыцца ў жабяня, якое схавалася і чакае, калі ж праляціць камарык, каб яго злавіць, высока выскокваючы ўверх. Тут, бацькі, шырокі прастор для вашай фантазіі!

 № 6. Час правядзення зарадкі 10-12 хвілін.

Не варта перагружаць ранішнюю гімнастыку практыкаваннямі, інакш атрымаецца зваротны эфект: не ўзбадзёрыце дзіця, а толькі зморыце. А вам гэта не трэба! Улічвайце гэта!

№ 7. Хваліце сваіх дзяцей!

Высокая самаацэнка - адзін з магутных стымулаў для дзіцяці выконваць любую працу, няхай гэта будзе хатняе заданне або ранішняя  гімнастыка. Усяляк падтрымлівайце ў сваім дзіцяці высокую самаацэнку-заахвочвайце любое яго дасягненне, і ў адказ вы атрымаеце яшчэ большае старанне.

№ 8. Не сварыцеся са сваімі дзецьмі!

Не лайце сваё дзіця за часовыя няўдачы. Дзіця робіць толькі першыя крокі ў невядомым для яго свеце, а таму ён вельмі хваравіта рэагуе на тое, калі іншыя лічаць яго слабым і няўмелым. Асабліва востра гэта выяўляецца, калі бацькі не ведаюць, як даць дзіцяці зразумець, што яны паважаюць яго пачуцці, жаданні і меркаванні.

І самае галоўнае, дарагія нашы мамы і таты, будзьце жывым прыкладам  для свайго дзіцяці! Калі вы любіце фізкультуру і спорт, то і ваша дзіця, гледзячы на вас, таксама абавязкова палюбіць фізічныя практыкаванні!!!

згарнуць
поделиться в: